Максім Танк
Кароткія біяграфічныя звесткі:
Нарадзіўся Максім Танк (Яўген Скурко) у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна ў 1912 годзе у сялянскай сям’і. У 1914 г. сям’я Скурко падалася ў бежанства, да 1922 года будучы паэт жыў у Маскве. Скончыў пачатковую польскую школу, вучыўся ў Вілейскай рускай і ў Радашковіцкай беларускай гімназіях. З апошняй быў выключаны за ўдзел у школьнай забастоўцы. Набываў веды ў віленскіх беларускай (1929) і рускай гімназіях (1930-1932), з-за рэвалюцыйнай дзейнасці ніводную з іх не скончыў. Працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі (1932-1933). У 1933 і 1934 гадах арыштоўваўся, сядзеў у віленскай турме “Лукішкі”, дзе выдаваў рукапісны часопіс “Краты”. Быў супрацоўнікам абласной газеты “Віленская праўда” (1939-1940). У час вялікай Айчыннай вайны працаваў у газеце “За Савецкую Беларусь”, у агітплакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”. З’яўляўся літаратурным рэдактарам часопіса “Вожык” (1945-1948), галоўным рэдактарам часопіса “Полымя” (1948-1966). З 1966 года – першы сакратар, у 1971-1990 гадах – старшыня праўлення СП Беларусі.
Званне народнага паэта прысуджана ў 1968 годзе.
Вершы пачаў пісаць рана. Друкаваныя творы з’явіліся ў 1932 годзе ў часопісе “Пралом”. Першая кніга паэзіі “На этапах” (1936) была канфіскавана паліцыяй. Выйшлі зборнікі вершаў і паэм “Журавінавы цвет” (1937), “Пад мачтай” (1938), “Вастрыце зброю” (1945), “Каб ведалі” (1948), “След бліскавіцы” (1957), “Мой хлеб надзённы” (1962), “Глыток вады” (1964), “Дарога, закалыханая жытам” (1976), “Прайсці праз вернасць” (1979), “За маім сталом” (1984), “Збор калосся” (1989), “Мой каўчэг” (1994), “Errata” (1996). У давераснёўскі перыяд напісаў паэмы “Нарач”, “Журавінавы цвет”, “Каліноўскі”, “Сказ пра Вяля”, у 1943 годзе з’явілася паэма “Янук Сяліба”, у 1946 – “Люцыян Таполя”, у 1978 – “Мікалай Дворнікаў”. Выйшла кніга-дзённік “Лісткі календара” (1970). У 1996-1997 гадах у часопісе “Полымя” друкаваліся “Дзённікі” Максіма Танка, якія ахопліваюць перыяд ад гадоў Вялікай Ачыннай вайны і да сярэдзіны 90-х. Выступаў як дзіцячы пісьменнік і перакладчык.
Памёр у 1995 годзе.
|