Уладзімір Караткевіч
Кароткія біяграфічныя звесткі:
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч (нарадзіўся 26.11.1930г. у горадзе Орша Віцебскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. Памёр - 25.7.1984), беларускі пісьменнік. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў у дзіцячых дамах у эвакуацыі. Скончыў Кіеўскі універсітэт (1954), Вышэйшыя літаратурныя (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Настаўнічаў у в. Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці (1954 - 1956), у Оршы (1956 - 1958). Дэбютаваў вершамі ў 1951. Найбольшую прыхільнасць выяўляў да гістарычнай тэматыкі, плённа развіваў адраджэнцкія ідэі. Істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанрава-стылявых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зборнікамі "Матчына душа" (1958), "Вячэрнія ветразі" (1960), "Мая Іліяда" (1969), "Быў. Ёсць. Буду" (1986). Паэзіі ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне ("Машэка", "Паўлюк Багрым", "Трызненне мужыцкага Брэйгеля", "Беларуская песня", "Быў. Ёсць. Буду" і інш.). У прозе ўзняў шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Лірыка-рамантычны талент Караткевіча - празаіка раскрыўся ўжо ў першым зборніку апавяданняў "Блакіт і золата дня" (1961). Для пісьменніка характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны, яе ўплыў на духоўнае жыццё народа і грамадскую свядомасць. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя і для сённяшняга дня. У гістарычна-дэтэктыўнай аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха" (1964, аднайм. кінафільм 1979) праўдзіва адлюстроўваў тагачаснае грамадства з яго нацыянальнымі, культурнымі і гістарычнымі адметнасцямі, сцвярджаў патрыятычныя ідэі, асуджаў рэнегацтва і зло. У сатырыстычна-гумарыстычнай аповесці "Цыганскі
кароль" (1961) на прыкладзе цыганскага "каралеўства" 18 ст. закранаў важныя сацыяльна-палітычныя і нацыянальныя праблемы. У рамантычнай аповесці "Сівая легенда" (1961) праз карціны сялянскага паўстання на Магілёўшчыне асэнсоўваў лёс Бацькаўшчыны. У "Легендзе аб бедным д'ябле і аб адвакатах Сатаны" (нап. 1961, апубл. 1994) на грунце беларускай рэчаіснасці 16 ст. ў гратэскавай форме паказаў барацьбу дабра са злом. З задуманай ім трылогіі пра паўстанне 1863 - 1864 ажыццёўлены толькі раман "Каласы пад сярпом тваім" (1965) - шырокая панарама народнага жыцця беларускага народа ў 19 ст. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак беларускай гістарычнай раманістыцы. Адгалінаваннем рамана стала аповесць "Зброя" (нап. 1964, апубл. 1981) - сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію 1860-х г.
У героіка-рамантычнай драме "Кастусь Каліноўскі" (нап. 1963, паст. 1978) паказаны складанасць і супярэчлівасць паўстання, створаны паўнакроўны вобраз Каліноўскага як непрымірымага ворага самадзяржаўя і патрыёта роднага краю. Раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (1966, аднайменны кінафільм 1967) - філасофскі роздум аб прызначэнні чалавека. Гістарычны аспект прысутнічае ў творах пра сучаснасць: аповесцях "У снягах драмае вясна" (1957, апублікаваны 1989), "Чазенія" (1967), "Лісце каштанаў" (1973), рамане "Леаніды не вернуцца да Зямлі" ("Нельга забыць"; 1962; Літаратурная прэмія імя І.Мележа 1983), п'есах "Млын на Сініх Вірах" (паст. 1959), "Трошкі далей ад Месяца" (нап. 1959 - 1960). У сацыяльна-псіхалагічным і філасофскім рамане "Чорны замак Альшанскі" (1979 - 1980; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984; аднайменны кінафільм 1984) роздум пра непарыўную повязь часоў, а
прыёмы дэтэктыўнага жанру выкарыстаны з мэтай глыбей зразумець сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнута п'еса "Званы Віцебска" (паст. 1974). Сацыяльна-гістарычная драма "Каласка чатырох чараўніц" (паст 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. Рамантычная панарамная трагедыя "Маці ўрагану" (паст. 1988, аднайменны кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743. Пачуццём любові да Беларусі, гістарычным мысленнем напоўнены яго нарыс "Зямля пад белымі крыламі" (1977), нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава ("Тысячу стагоддзяў табе", 1974; "Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён", 1980), прысвечаныя Беларускаму Палессю, Вільні, Кіеву, Ф. Скарыне, Я. Купалу, М. Багдановічу і інш. Пісаў творы для дзяцей ("Казкі", 1975). Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, І. Франка, М. Карыма, Р. Гамзатава, Махтумкулі і інш. (зборнік
"Галасы маіх сяброў", 1993). У творчай спадчыне Караткевіча захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў "Сведкі вечнасці" (1964), "Памяць" (1966), "Чырвоны агат" (1973) і інш. Па яго творах пастаўлены мастацкія фільмы, тэле- і радыёспектаклі, оперы "Сівая легенда" (1978, кампазітар Дз. Смольскі) і "Дзікае паляванне караля Стаха" (1989, кампазітар У. Солтан). Творы Караткевіча перакладзены на многія мовы свету. Ён выступаў у абарону беларускай мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У Оршы і Віцебску Караткевічу пастаўлены помнікі, яго імем названы вуліцы, школа ў Оршы (у ёй літаратурны музей Караткевіча). У Мінску на доме, дзе жыў апошнія гады, і ў Оршы на бацькоўскім доме - мемарыяльныя дошкі. У Оршы заснаваны музей Караткевіча.
Творы:
Бацькаўшчына

|