Максім Гарэцкі
Кароткія біяграфічныя звесткі:
Нарадзіўся ў вёсцы Малая Багацькаўка на Магілёўшчыне ў 1893 г. у сялянскай сям'і. У 1913 г. скончыў каморніцка-агранамічнае вучылішча, працаваў па спецыяльнасці на Віленшчыне. Летам 1914 г. пайшоў вольназапісаным ў армію. З пачаткам першай сусветнай вайны ўдзельнічаў у баях, быў паранены. Пасля шпіталю накіраваны ў Паўлаўскае ваеннае вучылішча ў Петраград (1916). Камісаваны ў сувязі з хваробай у 1918 г. у Смаленску. Працаваў у рэдакцыі газеты "Звязда", з якой у 1919 г. пераехаў спачатку ў Мінск, потым у Вільню. У выніку захопу Польшчай Вільні застаўся пад акупацыяй. Працаваў у Беларускай гімназіі. За сувязь з камуністамі трапіў у Лукішскую турму (1922). З кастрычніка 1923 г. жыў у БССР. Працаваў выкладчыкам роднай мовы і літаратуры ў розных навучальных установах. З 1928 г. займаўся навуковай працай у Інбелкульце і БАН.
У 1930 г. арыштаваны па справе так званага Саюза вызвалення Беларусі і высланы на 5 гадоў у Вятку (Кіраўск). У 1935 г. пераехаў у пасёлак Пясочна (Калужская вобл.), бо вярнуцца на радзіму ўлады не дазволілі. Працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры.
Першае апавяданне "У лазні" пад псеўданімам Максім Беларус з'явілася ў 1913 г. у "Нашай ніве". У 1914 г. выйшаў зборнік "Рунь", у 1919 г. - драматызаваная аповесць "Антон", аповесць "Дзве душы". У 1926 г. апублікаваны дакументальна-мастацкія запіскі "На імперыялістычнай вайне", аповесць "Ціхія песні" ("Ціхая плынь"), зборнік апавяданняў "Досвіткі".
М. Гарэцкі - аўтар першай "Гісторыі беларускай літаратуры" (1920). Напісаў раманы "Віленскія камунары", "Камароўская хроніка" (твор застаўся незакончаным).
У канцы 1937 г. М. Гарэцкі быў арыштаваны другі раз. На пачатку лютага 1938 г. расстраляны ў Вязьме. Справа па абвінавачванні адменена Вярхоўным судом БССР у 1957 г. У 1959 г. Маскім Гарэцкі поўнасцю рэабілітаваны.

|