Сымон Будны
Кароткія біяграфічныя звесткі:
Нарадзіўся каля 1530 года ў вёсцы Буда, даследчыкі схіляюцца да думкі, што на тэрыторыі Беларусі. Атрымаў вельмі грунтоўную для свайго часу адукацыю. Валодаў многімі мовамі. З 1558 года выкладаў асновы тэалогіі (вучэнне пра Бога) у Віленскім пратэстанцкім зборы (абшчыне). Каля 1560 года пераехаў у Клецк, дзе таксама працаваў прапаведнікам.
У 1562 годзе ў Нясвіжскай пратэстанцкай друкарні выйшла кніга Сымона Буднага "Катэхізіс, або Старадаўняя хрысціянская навука для простых людзей". Праз тры месяцы з'явіўся новы твор на старажытнабеларускай мове - "Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам" (кніга да нашага часу не захавалася).
Дыскусіі пачатку 60-х гг. XVI ст. паміж пратэстантамі падштурхнулі Сымона Буднага да напісання багаслоўскага трактата "Аб зыходжанні Святога Духа".
З 1566 года жыў у Хоўхаве. Узяўся за пераклад на польскую мову Бібліі і апокрыфаў на старазапаветныя і новазапаветныя тэмы. У Нясвіжскай друкарні ў 1570 годзе з'явіўся пераклад Новага Запавету і апокрыфаў. У 1572 годзе асветнік закончыў працу над перакладам кніг Старога Запавету.
З 1573 па 1583 г. жыў у Лоску ў доме вядомага беларускага магната Яна Кішкі, дзе напісаў на польскай мове шэраг тэалагічных трактатаў і кніг.
У 1582 годзе ворагі Сымона Буднага дамагліся адлучэння асветніка і прапаведніка ад царквы, абвінаваціўшы ў ерасі, у непрызнанні боскасці Хрыста. Праз год з'явілася апошняя кніга - "Аб свецкай уладзе", напісаная на польскай мове.
Памёр Сымон Будны ў 1593 годзе.

|